Гадоў праз дзесяць у школах будуць гуляць не ў налепкі ды фішкі, а ў акцыі з аблігацыямі, пужаць малых будуць не Бабай Ягой, а ебідтой, а замест летнікаў адпраўляць іх будуць на практыку ў банкі. У выніку глабальны фінансавы ледніковы перыяд замарозіць банкаўскія рахункі ўсяго чалавецтва, і яно падохне. Б’юся аб заклад, так яно і будзе, бо пачатак ужо пакладзены.
Фінансавыя карпарацыі на хвалі крызісу пачалі зарабляць нават на дзецях, матывуючы гэта прапагандай эканамічных ведаў.
Галандскі Dutch Postbank прапануе пачаць свой Bizznizz (менавіта так называецца праект) любому, хто ўжо адарваўся ад соскі. Малы бізнэсмэн можа выбраць любы кірунак: мыццё тачак, выгул сабак, продаж цукерак і ўсё, што яшчэ заўгодна. Пасля гэтага ён рэгіструецца на сайце, атрымлівае візітоўкі, цішоткі-уніформу, бланкі і пачынае шукаць кліентаў.
Як толькі такія з’яўляюцца і паслуга аказана, грошы за яе залічваюцца на рахунак дзіцёнка ў гэтым банку. Два зайцы забітыя: банк зарабіў, а дзіця засвоіла законы выжывання ў капіталістычнай рэальнасці.
У Флорыдзе кампанія FranChild заснавала падобную праграму. Але тут у аснове ляжыць мініфранчайзінг. За 25 баксаў бізнэскід (узрост абмяжоўваецца 5-15 гадамі) атрымае магчымасць прадаваць адзін з тавараў фірмы: свечкі, мыла, спецыі, каву ці біжутэрыю. У дадатак выдаюцца візітоўкі, сертыфікат, інструкцыі і сайт. На кожны з тавараў ёсць фіксаваныя кошты пакупкі і продажу, застаецца знайсці кліентаў.
.jpg)
Але ёсць сярод бізнэскід-праектаў і сапраўды карысныя і сацыяльна значныя. Адзін з іх – Дзіцячы банк развіцця ў Індыі.
Заснаваны ён больш чым тысячай бяздомных дзяцей - і на іх жа працуе. З яго дапамогай беспрытульнікі кіруюць тымі невялікімі грашыма, якія зарабляюць. Схема простая: ты адчыняеш дэпазіт, кладзеш на яго свае рупіі і з часам атрымліваеш адсоткі. Да таго ж цяжка здабыты заробак ніхто не скрадзе, і сам ты яго не прафукаеш на цыгарэты і цукеркі. Прыбытак узнікае за кошт невялікіх пазык, якія банк выдае больш заможным падлеткам, старэйшым за пятнаццаць год.
.jpg)
.jpg)
Што цікава, кіруюць усім гэтым таксама дзеці. Праект аказаўся настолькі ўдалым, што філіялы банка адчыніліся ў Непале, Бангладэшы і Афганістане, а падтрымку яму аказваюць такія монстры фінансавай сферы, як HSBC і Comic Relief.
Каментары