Беларускія нэт-аўкцыёны перажываюць свой росквіт. Тут можна набыць усё – ад клёвых шмотак да непатрэбных хлопцаў!
Замяжой людзі прывыклі да нэт-аўкцыёнаў. У нас бум на такія барахолкі толькі пачынаецца. Але ўжо зразумела: нэт-аўкцыёны становяцца выдатнай альтэрнатывай “нішчэму” беларускаму, дарагому віленскаму і такому далёкаму варшаўскаму шопінгу.
Самых буйных беларускіх аўкцыёнаў зараз чатыры: baraholka.onliner.by, ay.by, allegro.by, second.by. Яны растуць, капіталізуюцца і спрабуюць варушыць з месца пытанні з інтэрнэт-плацяжамі. Гэта ўсё дазваляе казаць, што працэс прайшоў. Праўда, са сваімі асаблівасцямі.
.jpg)
- Наш аўкцыён - гэта такая пераходная, ашчадная версія, - кажа дырэктар onliner.by Аляксандр Стэльмах. – З асноўных мінусаў пакуль што – беларуская сістэма дастаўкі. Затое мы ніякіх працэнтаў ад здзелак з прадаўцоў не бярэм.
- Так, мы пакуль адрозніваемся ад замежных аўкцыёнаў, - пацвярджае дырэктар аy.by Дзмітрый Гулецкі. - Але толькі ступенню свайго развіцця. Інтэрнет-плацяжы ў нас не распаўсюджаны як за мяжой, аднак праз год-два…
ПРАДАВАЙ І ПРАВЯРАЙ
Што можна прадаць на байнэтаўскіх аўкцыёнах? Літаральна ўсё.
Колькасць карыстальнікаў беларускіх інтэрнэт-аўкцыёнаў павялічваецца з касмічнай хуткасцю. Напрыклад, летась на baraholka.onliner.by было каля 20 000 унікальных карыстальнікаў, супраць 8 000 пазалеташніх . І гэты факт, у сваю чаргу, робіць продажы яшчэ больш хуткімі.
На аўкцыёны ходзяць па розныя тавары. Напрыклад, нехта хоча знайсці сабе мужчынку – не для адносін, а для гаспадаркі.
Такі красавец (20 год, б/у, рост 186 см, вага 83 кг) прадаецца ўсяго за 5 бэ. Дзіва што – “не працуе” і пельменяў не жарэ. Падрабязнасці для пакупнікоў тут.
Незвычайныя рэчы, якія проста не падыходзяць ні да аднаго тэматычнага раздзелу барахолкі, атрымліваюць сваё месца ў раздзеле “Рознае”. Тут можна набыць і прадаць каня, тры колы ад трактара, набор пабітага посуду. Альбо, напрыклад, квіткі на “Аватар” – прапануюць ад 60 000 да 160 000 (!!!) Byr.
Ці другая параноя сезону – квіткі “Суперлато” з літарамі М, І і Л. Нехта пусціў інфу, што такія квіткі шчаслівыя. Кошты на “выйгрышныя “суперлоты” шукайце тут.
Як для нас, то сегмент са шмоткамі (адзенне і абутак) – гэта самае цікавае. Набыць на нашых аўкцыёнах можна як новыя, так і старыя рэчы. Прычым кошты могуць быць вельмі боскімі.


Але, ясны пень, без дэрыбасу не абыходзіцца. Хаця Дзмітрый Гулецкі лічыць, што “дэрыбас заўсёды можна адрозніць ад арігіналу, дастаткова пагугліць кошты”. Цікава: шмат хто з малазабяспечаных пакупнікоў не саромеецца і адразу папярэджвае прадаўцоў: куплю падробку. За танна.
ПЯЦЬСОТ ТОН У КІШЭНІ
Sarah пра аўкцыён даведалася выпадкова. Шукала мабілу, глядзела іншыя лоты і раптам падумала: мне таксама ёсць што прадаць.
.jpg)
- Дзеля заробку вы прыкладаеце мінімум намаганняў. Трэба толькі сфотаць усё ў патрэбным ракурсе і апісаць. І ўжо людзі пішуць, тэлефануюць, прыязджаюць мераць. Ну вось ляжалі ў мяне 10 зусім непатрэбных рэчаў. Цяпер гэта 500 000 Byr.
Некаторыя прадаўцы спрабуюць зрабіць сапраўдны “бізнэс” і вельмі завышаюць кошт на тавары б/у. Іх лоты доўга вісяць і не знаходзяць пакупніка.
На пытанне, што б Сара змяніла ў беларускіх аўкцыёнах, яна адказвае:
- Мне не падабаецца, што правілы аўкцыёнаў часта не працуюць. Зносіны прадавец / пакупнік часта пераходзяць у асабістыя. Адзін раз сустрэліся памераць ці забраць тавар, паўсміхаліся – і ўжо быццам сябры. Гэта не правільна. Усё павінна вырашацца пад лотам і ніякіх званкоў да сканчэння таргоў. Часта хамяць. Атрымліваецца як на базары.
НАПЕРАД, У БУДУЧЫНЮ!
Магчыма, пераадолець базарны сіндром беларускім аўкцыёнам дапамогуць замежнікі.
Адзін з такіх буйных і перспектыўных гульцы – польска-галандскі бізнес, сайт allegro.by. У іх многа грошай на развіццё, таму навічкам-беларусам з імі канкураваць не варта. Але хочацца:

- Хутка аўкцыёны стануць міні- (а можа і максі-) мадэллю эканомікі, дзе купляць і прадаваць будуць і фізічныя, і юрыдычныя асобы, і дзяржаўныя ўстановы, - кажа Дзмітрый Гулецкі.
Дзякуючы замежнікам некалі ў нас прыжывуцца скандынаўскія аўкцыёны. Тут пакупнікам прапануюць тавар па нізкіх коштах. Але ім трэба башляць за здзяйсненне ставак. Фішка ў тым, што ёсць рэальны шанец набыць дарагую рэч за 10% ад рэальнага кошту.
Што ж да тэхнічных магчымасцей, то стаўку на замежных аўкцыёнах ўжо можна рабіць і з дапамогай SMS. Былі б жаданне і грошы.
Каментары
Аўтар: Anonymous (госьць)
Дата: пан, 02/08/2010 - 17:43
Харошы арцікул, карысны.