Сведка землятрусу

Эксклюзіў 34

Эксклюзіўнае інтэрв'ю з амерыканскім студэнтам, якому ўдалося выжыць падчас землятрусу ў Гаіці.

12 студзеня Эрык Паркер, студэнт магістратуры Школы журналістыкі Калумбійскага універсітэта, мусіў вяртацца з Гаіці ў Амерыку. Амаль скончыўшы серыю інтэрв'ю, Эрык так і не паспеў зрабіць апошняе – здарыўся землятрус. З месца падзеяў Эрык расказвае пра тое, на што падобны землятрус; узгадвае аптымістычныя сцэны з месца трагедыі і распавядае, што здарылася з хатнімі жывёламі Гаіці па трагедыі. 

- Што ты рабіў на Гаіці? 

- Я прыехаў сюды збіраць матэрыял для магістарскай працы. Вывучаю сістэму restavek – гэтак званае дзіцячае рабства. Restavek – французскі тэрмін, які азначае “жыць з кімсьці”. 

Справа ў тым, што многія гаіцяне з сельскай мясцовасці – жабракі. Вымушаныя адпраўляюць сваіх дзяцей жыць у горад да людзей, якія абяцаюць “лепшае жыццё”. Часта пасля гэтага сувязь з малымі абрываецца. Тых дзяцей як рабоў прымушаюць працаваць, зневажаюць псіхалагічна і фізічна. 

Падчас сёлетняга прыезду я браў інтэрв’ю ў бацькоў такіх дзяцей, у палітыкаў, у сябраў грамадскіх арганізацый. Пасля свайго апошняга інтэрв’ю збіраўся ляцець дахаты. Але тут бабахнуў землятрус.  

гаіці, землятрус, haity, earthquake

- Што ты адчуў у першыя хвіліны землятрусу? 

- Калі быў першы удар, я падумаў, што гэта цягнік грукоча ў метро пад зямлёй. Было вельмі шумна і ўсё трэслася. Потым стала яшчэ горш. 

Я стаяў унутры “будынка”- гэта былі проста сцены са столлю. Можа, гэта мяне і выратавала. Бо гэтая канструкцыя выстаяла, а тыя, што былі навокал, - не. Пабудаваныя з цэментавых блокаў, дамы побач склаліся, як картачныя. Крошка ад блокаў была паўсюль, а цэментавы пыл накрыў тых, хто апынуўся пад заваламі. 

гаіці, землятрус, haity, earthquake

- Самая аптымістычная сцэна, якую ты прыгадваеш пасля землятрусу? 

- Я бачыў, як многія дапамагалі выцягваць людзей з-пад завалаў. Была паніка. Шмат хто маліўся Езусу, спяваў. 

Але ў мяне ў вачах жанчына, якая запаліла свечку і разгарнула кнігу з рэлігійнымі спевамі на ўскрайку дарогі. У яе на руках было немаўля, загорнутае ў коўдру. І яна спявала. (Я думаю, гэта нейкі духоўны спеў – на жаль, не разумею па-крэольску.) 

Вельмі кранальна. Жанчына больш нічога не магла зрабіць. Толькі спяваць да Бога. І гэта неяк адразу супакоіла дзіцёнка. 

Памятаю прамень святла, скіраваны на кнігу, з якой яна чытала словы... 

гаіці, землятрус, haity, earthquake

- Пасля ўрагану Катрына ў Новам Арлеане працавалі спецыяльныя выратавальныя службы, якія апекаваліся лёсам хатніх жывёлаў. А які лёс напаткаў братоў нашых малых на Гаіці?

- На Гаіці вельмі шмат жывёлы. Вялізныя зграі сабак боўтаюцца па сметніках. Гэта абсалютна нармальная сцэна для гарадскіх вуліц і да землятрусу. Сабакі, куры, пеўні – усе лётаюць абсалютна вольна. Я не ведаю, што будзе з той жыўнасцю. Але я чуў, што зараз на Гаіці ўжо працуе арганізацыя, якая імі апякуецца. Спадзяюся, што большасць выжыве. Свінні і сабакі даволі добра прыстасаваныя для выжывання ў цяжкіх умовах. 

- Што азначае “быць заможным” на Гаіці пасля такой катастрофы?  

- Ну, Гаіці – гэта месца экстрымальных парадоксаў. Вельмі заможныя людзі жывуць пасярод абсалютнай галоты. Гаіці вельмі прыгожая краіна з багатай прыродай у адным раёне і голай зямлёй – у іншым. 

Ёсць дамы, якія зусім не пацярпелі ад землятрусу. Тут, як і раней, застануцца заможныя людзі. Ёсць і людзі з магчымасцямі, яны зараз спрабуюць выехаць з краіны.   

- Каму і якая дапамога зараз больш за ўсё патрэбная на Гаіці?

- Я не эксперт па гуманітарнай дапамозе. Але з таго, што я бачыў і ведаю, становіцца зразумела, што патрэбныя грошы. Грошы на тое, каб адбудавацца. Ежа тут ёсць. Часам яе цяжка даставіць людзям, але як толькі расчысцяць дарогі, то праблем з харчам не будзе. 

Мне падаецца, што Гаіці патрэбная доўгатэрміновая дапамога, стратэгічны план. Трэба будаваць дарогі. Не хапае школаў у сельскай мясцовасці. Шпіталяў таксама. Але самае галоўнае, ім патрэбная праца і прамысловасць. Ежа, вопратка, намёты – гэта можна даволі хутка арганізаваць. Пытанне – што далей.  

гаіці, землятрус, haity, earthquake

Чытайце болей пра Гаіці на сайце 34mag.net

 

Каментары

Аўтар: tweetalik (госьць)
Дата: сер, 01/27/2010 - 17:07

а фотки откуда?

Аўтар: Мыш (госьць)
Дата: сер, 01/27/2010 - 18:00

Фоткі адтуль - эксклюз ад А да Я, дакладней, ад Erik Parker

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

  • Адрэсы вэб-старонак і e-mail адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.
  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

Таксама чытайце