Глаўнае, рабяты

... сэрцам NAPSTERэць!

Сэрвіс узаемнага дабрачыннага музычнага абмену Napster з’явіўся ў 1999 годзе. У 2001 яго забаранілі. Але рэвалюцыя здзейснілася.

У 2000 годзе Napster стаў самым хуткараскручаным дадаткам за гісторыю нэта. У 2001 яго забаранілі рашэннем суда за прапаганду музычнага пірацтва. Аднак рэвалюцыя здзейснілася: ідэя працягвае жыць у падобных бясплатных сервісах кшталту eMule і Soulseek

Натхнёныя лозунгам «мастацтва для народа», мы паставілі шматтыднёвы эксперымент- прысвячэнне. Бунтарская праграмка качала для нас (і для вас) такія самыя падрыўныя песенькі ды альбомы ўсіх часоў / народаў / эпох / кантынентаў. Сёння чытаем пра сербскую, кітайскую, афрыканскую і польскую музыку супраціву. Пра астатніх музычных рэвалюцыянераў – у нумары «34/09».

10 год таму: мы вясёлыя качкі

Файлаабменнікі падсаджваюць на коней Metallica, U2 і іншых «рокераў»-хрыстапрадаўцаў. Але ж ёсьць і фрыкі: Prince, Radiohead ды «Ляпіс Трубяцкой». Выкладваючы свае творы ў вольны доступ, яны прызнаюць нашую свабоду слухаць, што ні пажадаеш, - мастацтва для народу!

…Няцяжка здагадацца, на лаўры якога гатунку спакушаюцца тыя ж «Ляпісы», сеючы смуту ў галовах «Буравеснікамі» ды «Анарха-турыстамі». Каму ж не хочацца пастаяць побач з гуртом «Disciplina Kicme», пад чыю музыку сербы развітваліся з Мілошавічам.

«Disciplina» – першыя і апошнія, хто прывіў народу музыку ў стылі «нойз-хардкор». Вось што піша пра народную шумавую атаку на ідэалогію відавочца Дзежан Стрэтэнавіч: «Свісткі, трубы, саксафоны, гітары, сірэны, званкі, хлапушкі, галасы, хлапкі, барабаны, трашчоткі, званочкі, каструлі, патэльні, памыйныя вёдры, пыласосы, матацыклы, радыёпрыймачы…» 

А пачалося ўсё, як ён кажа, з начных рэйвераў са свісткамі. Без іх у Сербіі, можа, і не было б ніякага перавароту…

Disciplina kicme, Buka u modi! 

20 год таму: я бачу шчасце!

Як рабіліся рэвалюцыі, пакуль не было Napster? З пераменным поспехам. Напрыклад, у 1989 годзе камуністы абсалютна чэсна прайгралі выбары ў польскі ўрад. А кітайцы ў першы і апошні раз за дваццатае стагоддзе выйшлі з дэманстрацыяй на цэнтральную плошчу дзяржавы. У палякаў атрымалася нешта змяніць, у кітайцаў - не. Што спявалі ды слухалі тыя ды іншыя? 

Асабіста мы ў знак суцяшэння скажам кітайцам: «Затое ў вас песні прыгажэйшыя!». Прынамсі, не такія просталінейныя, як у братоў-славянаў. Песня-гімн найвялікшага кітайскага рокера Цуй Цзяня «Кавалак чырвонай тканіны» – акурат тая самая, якую спявалі студэнты на плошчы Цяньаньмынь. 

«Я вазьму кавалак 

чырвонай тканіны 

і завяжу сабе вочы. 

Спытаеш, што я бачу? 

Я бачу шчасце!»

 Zui Jan – Yi Kuai Hong Bu 

На чале бунтароў-палякаў стаяў спявак ды літаратар Яцэк Качмарскі. Як па-нашаму, дык тыпова савецка-антысавецкі дысідэнт - гітара, вусы, акуляры. Цікавейшай нам падасца зараз група Zespol Reprezentazyjny («Гурт Прадстаўнікоў»), што ўзнікла ў 1983 годзе як студэнцкая самадзейнасць. Гэтыя наогул не сталі прыдумляць нічога свайго - яна проста перапявалі класікаў. Напрыклад, Жоржа Брасанса. 

Пару словаў пра апошняга. Французскі бард-анархіст, лірык ды шчыры мацюкальнік адначасова выйшаў на «зорную» арбіту ў пяцідзесятыя гады і дагэтуль лічыцца нацыянальным паэтам. У Польшчы васьмідзесятых, у часы «Салідарнасці», яго песні гучалі надзвычай актуальна, хоць і абсалютна паліткарэктна. 

Гурт Zespol Reprezentacyjny, дарэчы, жывы і дагэтуль - не перапыняецца залатая жыла пераспеву...

Слухайма Zespol Reprezentacyjny - Pornograf 

Песня Жоржа Брасанса

15 год таму (не зусім юбілей...) чымурэнга!

У 2009 годзе ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы споўнілася 15 год падзення апартэіду. Абрыдлая палітыка аддзялення чорных ад белых, а белых ад не зусім белых за гэтыя дзесяцігоддзі дастала не толькі саміх афрыканцаў. Але вось унікальны персанаж – Джоні Клег, паўднёваафрыканскі музыка брытанскага паходжання. 

У васьмідзесятыя гады Джоні Клег сабраў гурт «Савука» (Savuka), які прынцыпова складаўся з трох чорных і трох белых удзельнікаў. Жаданне Джоні прымірыць супрацьлеглыя канцы «чалавечай вясёлкі» было настолькі вялікім, што яго празвалі «Белы Зулус». А музыка ў іх была добрая ды вясёлая – нават у сотку брытанскіх гітоў выбіваліся…

Johnny Clegg & Savuka – Scatterlings Of Africa

Каментары

Аўтар: ihnat (госьць)
Дата: чцв, 01/28/2010 - 03:50

афигенный артыкул
Zespół Reprezentacyjny я б парадзіў іншую песенку, больш падыходзіць на беларускую "злобу дня"
http://www.youtube.com/watch?v=v699phBmr_c

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

  • Адрэсы вэб-старонак і e-mail адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.
  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

Таксама чытайце