The Best of Film fest

Вэган-зомбі, фарш і мастурбацыя

Самы-самы must see з самаробных фільмаў, паказаных на фэстывалі 26-27 сьнежня ў кнігарні «Ў».

За два дні беларускага паказу фэстывалю DIY-фільмаў (г. Гдыня) кнігарню «Ў» наведала каля 60 чалавек. Уладкаваўшыся на крэслах і разьлегшыся на каўраліне, многія гледачы апынуліся настолькі стойкімі, што вытрывалі ўсе 5 гадзінаў.

Зрэшты, некаторыя заходзілі, сыходзілі і больш не вярталіся. Ім, а таксама ўсім, хто так і не дайшоў, прысьвячаецца: каб ведалі, што прапусьцілі.

Рэйтынг складзены на падставе запытаў запісаць кіно на флэшкі пасьля сэансу.

DIY ART FILMS  – суполка маладых аніматараў з Мэльбруну (Аўстралія, калі што), якая два гады таму парвала Мэльбрунскі ж Міжнародны фэстываль анімацыі і не збаўляе тэмпаў дагэтуль.

Supermarket Musical Massacre: The Feel-Good Homicide of the Century! стаў абсалютным фаварытам публікі і ў Гдыні, і ў Менску. “У мяне ўсё добра”, - сьпявае даведзеная да адчаю хатняя гаспадыня, перад тым як чарговая галава запэцкае крывёю падогу супэрмаркету.

Наступнае аўстралійскае відэа – Fraught. Маладыя і ня вельмі людзі распавядаюць пра самыя дурацкія выпадкі ў сваім жыцьці, якія можна ахарактарызаваць адным словам: ПРАВАЛ! Ну, напрыклад, засунуць 5 штук экстазі ў дупу, каб не запалілі сэк'юрыці ў клюбе, потым усю ноч шукаць пігулкі ў WC, парыцца, як бы яны там не натварылі дзялоў у страўнікава-вантробным тракце, а пасьля знайсьці іх на траве – гэта як?

The Line – чорна-белая анімацыя, галоўныя героі – графітчык і ягоныя бэтановыя джунгліі, з мастамі, цягнікамі, сьценамі і варонамі. І ўсё гэта, натуральна, пад атмасфэрны хіп-хапчык. Keep on moving!

Mary Jane's Not A Virgin Anymore (рэж. Sarah Jacobson, 1997)

Фільм, які называюць клясыкай андэграўнднага кінематографу (як, зрэшты, і ейную рэжысэрку, Сару Якабсан, RIP). Галоўная гераіня – 17-гадовая дзяўчына, якая працуе ў кінатэатры, што спэцыялізуецца на незалежным кінематографе. І ёсьць рэч, якая парыць яе больш  за выпускныя іспыты: яна яшчэ цнатлівая. Фільм факусуецца на жаночым поглядзе на сэкс, поп-корне, сьмерці і нараджэньні, каханьні (плятанічным і ня вельмі, гетэра і не), панк-року, каталіцкіх школах гарадзкіх ускраінаў і жартах. Калі Мэры Джэйн з парады калегі Эрыкі адкрывала для сябе мастурбацыю («толькі лузэры гэтага ня робяць»), першыя шэрагі ў залі чамусьці прыкрыліся курткамі...

diy film fest belarus minsk

Таксама ў Менску былі паказаныя і іншыя фільмы Сары Якабсан: I was a teenage serial killer, Sweet Miss і не хапіла часу на Road Movie.

Slog Movie, Reality 86D
(рэж. David Markey, 1982/1991)
Дэвід Маркі  – музыка, экс-самвыдатчык  і рэжысэр, які зьняў амаль два дзясяткі фільмаў, у тым ліку з удзелам такіх рабят, як Sonic Youth, Nirvana, Redd Kross, The Ramones, Black Flag і Meat Puppets. Прычым гэта ня погляд звонку і нават ня погляд, арыентаваны на нейкую вялікую аўдыторыю – ствараецца адчуваньне, што Дэвід здымаў і здымае галоўным чынам для сябе і сваіх сяброў. І, магчыма, менавіта таму пасьля прагляду хочацца склаціць банду, выправіцца зь ёй у турнэ ці хаця б вечарок патусіць зь юнымі каліфарнійскімі панкамі ўзору 82 года – як у Slog Movie, першым фільме Маркі.

diy film fest belarus minsk

Па тэхнічных прычынах і да засмучэньня прыхільнікаў “Black Flag” не атрымалася паказаць другі заплянаваны фільм Маркі – Reality 86d, у якім і распавядаецца пра турнэ з гэтым файным гуртом у 1986 годзе.

Attack of the Vegan Zombies (рэж. Jim Townsend, 2009)
Здаецца, што інтрыга – хто ж такія вэган-зомбі? – была самым прыцягальным момантам у фільме для будучых гледачоў, і, раскрыўшыся, пазбавіла яго значнай часткі прывабнасьці (маўляў, ня цягне зачараваны вінаград на сапраўдных жахлівых зомбі). Зрэшты, некаторым гэты фільм, прасякнуты магіяй і віном, усё ж такі спадабаўся. І не ў апошнюю чаргу дзякуючы шарму студэнтаў-аграномаў (на фотцы зьлева і справа)...
diy film fest belarus minsk

Flesh Area (рэж.Piotr Krzywiec, 2009) 
Беластоцкія рабяты нішто так павесяліліся падчас здымак гэтага трэш-фільму, бліжэйшыя мясныя крамы атрымалі месячны прыбытак, а прыхаджане касьцёлаў, ля якіх шпацыравалі наваяўленыя зомбі – глыбокае маральнае патрасеньне. Але ведаеце што самае страшнае? Польскае тэлебачаньне (канал «Культура» і Kino Polska) прапанавала паказаць гэта ў этэры! 

***
DIY Film Fest скончыў сваё жыцьцё ў гэтым годзе, каб перарадзіцца і заквітнець яшчэ больш у наступным. Здымаеце кіно? Прыём фільмаў да конкурснай праграмы ўжо адкрыты! Хацелі б дапамагчы ў арганізацыі ў 2010 годзе? Ю а вэлкам!

Дасылайце заяўкі на: golonko.marek [at] gmail.com
Наконт удзелу ў арганізацыі: yesfuture [at] gmail.com

Каментары

Аўтар: tweetalik (госьць)
Дата: сер, 12/30/2009 - 14:31

Ну вы проста энцыклапедыя! многа букав, але вельми цикава, дзякуй!

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

  • Адрэсы вэб-старонак і e-mail адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.
  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

Таксама чытайце