Што рабіць, калі кінатэатры запаланяць шэдэўры пра калядныя цуды, а душа прагне зомбі, крыху крыві і фільмаў з Джэлам Біяфрам у ролі сьвятара?
Можна, канешне, пакорпацца ў торэнтах і зырыць потым усё з кампа, седзячы ў адзіноце на канапе. Але нашая вам карысьлівая парада: беларускі кінапаказ гдыньскага фэстывалю DIY фільмаў 26-27 сьнежня ў кнігарні "Ў" можа стаць някепскім лякарствам. Глядзіце самі: два дні вэганскага хорару і трэшу, крывавых анімацыйных мюзіклаў, падлеткавых драмаў, падарожных відэа + яшчэ ўсякага на 5 гадзінаў кожны дзень. Да таго ж, творчыя сустрэчы з арганізатарамі (у аднаго зь іх, дарэчы, у якасьці хатняй жывёлы быў парсючок) аблегчаць вашыя апошнія дні ў сыходзячым годзе.
А ўпершныю адбылося ўсё сёлета, 10-11 ліпеня ў горадзе Гдыня, за высокім плотам у некалькіх сотнях мэтраў ад мора. Арганізатары сьцьвярджаюць, што гэта першы кінафэстываль у Польшчы, які кладзе на ўсе клішэ і сувязі зь «вялікім кіно». DIY FILM FEST – месца ў прасторы і часе, дзе кіна-энтузіясты з усяго сьвету могуць паказаць свае творы, а кінаманы - глядзець фільмы, не абцяжараныя ціскам камэрцыйнага посьпеху і лапамі прадусара, прагай славы і бабла. Пасьля цемры кіназалі гледачоў чакалі сьпякотныя, поўныя поту, танцаў і духу сапраўднага DIY ночы з гуртамі з Польшчы, Ізраілю, Францыі, Латвіі, Англіі, ЗША. Пра тое, як яно было, вы можаце даведацца тут: www.myspace.com/diyfilmfest
Асобнае месца ў кінапаказе займае рэтрапэрспэктыва фільмаў Сары Якабсан – знакавай постаці для незалежнага кінематографа, якая ўваходзіць у ТОП-15 Indie filmmakers па вэрсіі часопісу Veriete. Яна памерла ў 2004 годзе ад раку, але і пасьля сьмерці Сары ейная маці працягвае займацца diy-кінадыстрыбуцыяй Station Wagon Productions. Да таго ж, разам зь сябрамі дачкі і The Free History Project Рут Якабсан заснавала фонд, які штогод выдаткоўвае пэўную колькасьць грошай адной ці некалькім маладым аўтаркам, якія прытрымліваюцца такіх самых прынцыпаў, што і Сара: стварэньне фільмаў у адпаведнасьці з DIY-этыкай, радыкальная крытыка сацыяльных праблемаў і глыбокае пачуцьцё андэграўнду.
Адначасова з адкрыцьцём фэстывалю распачаўся і прыём відэа на наступную эдышн фэсту, што адбудзецца ў 2010 годзе. Да таго ж, кожны дасланы фільм прыме ўдзел у конкурснай праграме на «Прыз Гледачоў Сары Якабсан» і будзе агледжаны ў DIY FILM ZINE.
Карацей, вы ўжо ведаеце, чым будзеце займацца 26 і 27 сьнежня?
Сачыце за падрабязнасьцямі на сайце і вуліцах гораду. Пакуль толькі Менску, але калі вы захочаце гэта выправіць, пішыце на noculture[at]34mag.net.
Каментары
Аўтар: nonono (госьць)
Дата: аўт, 12/08/2009 - 18:44
пра месца намякніце.
Аўтар: nonono (госьць)
Дата: сер, 12/09/2009 - 19:07
дзякуй за UPD. Дакладней, за ЎPD.