Навігатар

Сяргей Жадан пра людзей тых прафесій, з якімі нам даводзіцца суіснаваць

– Я таксістам не так даўно працую, – патлумачыў ён. – Яшчэ не прывык. Вось, паехаў да майстра, папрасіў прычапіць навігатар. Прычым ужо другі раз да яго ездзіў. Ён прычапіў. Але ўверх нагамі. Дзіўны ён нейкі, гэты майстар, – кіўнуў кіроўца на навігатар, прылеплены дагары нагамі да лабавога шкла.

Як быццам вы, таксісты, не дзіўныя, падумаў я. Хоць гэты быў яшчэ больш-менш свядомы. Нават карыстаўся рамнём бяспекі. Большасць таксістаў успрымае як кроўную крыўду, калі ты спрабуеш у іх машыне скарыстацца рамнём.

Думаюць, напэўна, што ты ім не давяраеш, сумняваешся ў іх спрыце і кваліфікацыі. І спрабуючы яе, гэтую кваліфікацыю, табе прадэманстраваць, едуць на чырвонае святло і падразаюць дарогаю розных няўдах.

Таксісты заўсёды былі для мяне самым загадкавым сацыяльным пластом. Ніколі не разумеў іх логікі ды ўнутранай матывацыі. Больш загадкавымі за таксістаў ёсць хіба што прадаўцы фальшывых стартавых пакетаў для мабільнай сувязі. Але там гаворка ідзе ўсё ж не столькі пра бізнес, колькі пра метафізіку.

А вось таксісты – даволі сацыялізаваныя суграмадзяне, якія да таго ж вымушаны ў сілу абранай прафесіі ўвесь час мець справу з жывымі людзьмі, гэта значыць, паважаныя чытачы, з намі. Але, безадносна да гэтага, незалежна ад прамой зацікаўленасці ў наладжванні камунікатыўных каналаў, паводзяць сябе даволі часта так, быццам гэтыя самыя жывыя людзі, гэтыя самыя імаверныя пасажыры іх салонаў, і ёсць іх лютымі ворагамі, закліканымі даводзіць іх, сумленных працаўнікоў таксапаркаў і ганарлівых герояў-адзіночак, да шаленства і лютасці.

Колькі разоў даводзілася назіраць за хуткімі і неспасціжнымі трансфармацыямі, якія адбываюцца з імі ў ходзе прамога кантакту з патэнцыйнымі кліентамі. Вось яны стаяць колам пад дзвярыма чыгуначнага вакзала, чакаючы прыбыцця чарговага цягніка, стаяць адхілена і незалежна, пад'юджваючы і заводзячы адзін аднаго, паляць свае цыгарэты, змрочна аглядаюць публіку, што з’язджае, справядліва не бачачы ў такой публіцы ніякай выгады і ніякай для сябе карысці.

«Што мяне яшчэ заўсёды здзіўляла ў прафесіі таксіста – гэта ўменне так няўзнак і безнадзейна засраць уласнае працоўнае месца, то бок тыя самыя машыны, якімі яны пераадольваюць сечаную прастору нашых гарадоў».


Вось яны ненадоўга актывізуюцца, пачуўшы аб прыбыцці жаданага цягніка, узбуджана кідаюцца да выхаду, напружваюцца, нібы паляўнічыя на агнявым рубяжы ў чаканні дзічыны, якую на іх наганяюць. Хапаюцца за грамадзян пасажыраў, перапыняючы ім шлях, няўмела і нядоўга прапаноўваючы ім свае паслугі, чапляючы пасажыраў за рукі і адзежу, злосна і адчайна іх аклікваючы і пытаючыся, куды ім ехаць.

А калі хто-небудзь з даверлівых пасажыраў такі спыняецца і спрабуе дамовіцца з гэтымі паляўнічымі за скальпамі, тыя нечакана заганяюць такую цану, што пасажыры спалохана ўцякаюць ад іх праз прывакзальную плошчу, коцячы за сабой валізкі, быццам кулямёты. І ўжо тады яны, кіроўцы са стажам і досведам, перастаюць стрымліваць сябе ў выразах і эмоцыях і кажуць усё, што думаюць пра гэтую светабудову і сваё месца ў ёй, выкрыкваючы ў спіны няшчасных масу не надта прыемных пажаданняў і прадказанняў.

Колькі разоў даводзілася за гэтым назіраць, а да гэтага часу здзіўляюся – як з такім уразлівым пачуццём прафесійнай вартасці можна так доўга працаваць на адным месцы.

Што мяне яшчэ заўсёды здзіўляла ў прафесіі таксіста – гэта ўменне так няўзнак і безнадзейна засраць уласнае працоўнае месца, то бок тыя самыя машыны, якімі яны пераадольваюць сечаную прастору нашых гарадоў. Гэтыя дзіўныя маркі аўтамабіляў, гэтыя даўно спісаныя з серыйнай вытворчасці жалезныя коні – дзе яны іх бяруць і чаму не баяцца імі карыстацца?

Дзе яны знаходзяць усё тыя падазроныя, перапэцканыя мазутам жалезныя штукі, якімі напоўненыя іх багажнікі? З імі заўсёды цікава мець зносіны і вельмі няпроста пасябраваць. Хоць часам яны гатовыя распавесці табе ўсё, што адбылося ў гэтым жыцці, нават калі цябе гэта не цікавіць. Увогуле, думаю, складанасці іх характару наўпрост залежаць ад стану дарожнага пакрыцця ў горадзе, дзе яны працуюць.

Да чаго я вяду? Мы мала што ведаем пра выпадковых і мімавольных знаёмых, з якімі нас зводзіць капрызны лёс. Зацыкленыя на сабе і сваіх рэфлексіях, мы нават не здагадваемся, чым жывуць грамадзяне, з якімі нам даводзіцца стаяць у чэргах або ехаць у метро. Мы рэагуем хіба што на іх сацыяльны статус, нават не задумваючыся, з якім настроем яны выконваюць свае прафесійныя абавязкі.

Тым больш кола нашых зносін ёсць звычайна абмежаваным і закрытым, пашыраючыся толькі ў выпадку нейкіх надзвычайных абставін – знаёмімся з лекарамі ў выпадку праблем са здароўем, сябруем з сантэхнікамі, прымаючыся за рамонт, размаўляем з настаўнікамі, калі тыя выклікаюць нас на бацькоўскі сход.

А акрамя таго – моўчкі рухаемся вулічным натоўпам, нават не спрабуючы яго разглядзець. Затое існуюць такія прафесіі, з якімі хочаш не хочаш, а павінен суіснаваць, на якія звяртаеш увагу, да якіх прыглядаешся і прыслухоўваешся, бо яны так ці інакш заўсёды побач.

Усякія там міліцыянты, або кантралёры, або праваднікі. Або таксісты. Яны трымаюць пры сабе адмысловыя веды пра нашы гарады, яны арыентуюцца ў цішыні і цемры, яны падтрымліваюць жыццядзейнасць гэтых вуліцаў і плошчаў, рухаючыся таемнымі маршрутамі і нябачнымі шляхамі, пра якія мы з вамі нават не здагадваемся. Пра якія ведаюць толькі яны. Магчыма таму, што навігатары ў іх машынах вісяць дагары нагамі.

Share

КАМЕНТАРЫ
СПАЧАТКУ СТАРЫЯ СПАЧАТКУ НОВЫЯ

strange

24-11-2011, 12:37

мне нравится, как он пишет
http://oz.by/people/more908770.html

Адказаць

Michael

07-12-2011, 22:06

"Хоць гэты быў яшчэ больш-менш свядомы. Нават карыстаўся рамнём бяспекі."

чым незадаволены? правiлы дарожнаха руху не абявязываюць таксicта карыстацца рамнём бяспекі.

Адказаць

КАМЕНТАВАЦЬ