Капскі як раздражняльнік
Алег Гаруновіч пра сапраўдныя сакрэты новых перамог БАТЭ
Малайчынкі, прыгажунчыкі і гэтак далей. Гэта ўсё пра футбалістаў БАТЭ, якія зноў падарылі нам групу Лігі чэмпіёнаў. Хаця малайчынкі не толькі гульцы, але і трэнер Віктар Ганчарэнка са сваім штабам і, вядома ж, кіраўнік клуба Анатоль Капскі.
Не сакрэт, што сярод беларускіх футбольных заўзятараў (акрамя, натуральна, прыхільнікаў БАТЭ) Капскі – адна з самых супярэчлівых фігур. Каб выклікаць «халівар» на спартовым сайце, дастаткова лішні раз згадаць яго імя. І ўсё – будзе спрэчка. Можа, мае высновы адносна прычын такой рэакцыі прымітыўная і надта прасцецкія, але ўся рэч у зайздрасці. Шмат хто Капскага не любіць, магчыма, нават ненавідзіць, але марыць, каб іх клубам кіраваў свой Капскі. Каб ён таксама шпыняў суддзяў, ганяў журналістаў, будаваў каманду і дабіваўся перамог.
Шмат казаць пра тое, як БАТЭ пашанцавала з кіраўніком, няма сэнсу. Цяпер і так усе добра гэта разумеюць. Але засяроджу ўвагу на тым, што Капскі кіруе не толькі футбольным клубам, але і аднайменным заводам, які, між іншым, таксама працуе няблага. Не ведаю, як там Капскі разрываецца і колькі гадзін на дзень працуе, але што ён далёка не ўвесь свой час аддае футболу – гэта факт. І гэтага хапае, каб быць найлепшым у краіне і нават блізка не мець канкурэнтаў сярод спартовых кіраўнікоў. Гэта і Капскі такі таленавіты, і канкурэнты ў яго…
У футбольным клубе «Віцебск» руліць былы баксёр і загадчык кафедры фізкультуры Медычнага ўніверсітэта. У «Дняпры» – экс-дырэктар аўтарынка. У брэсцкім «Дынама» – ваенны камісар. У «Нёмане» – таксама некалі армейскі чалавек. Гэтыя чатыры каманды (з абласных цэнтраў, дарэчы) займаюць пакуль апошнія месцы ў чэмпіянаце Беларусі. Такое вось супадзенне. У іншых клубах сітуацыя не нашмат лепшая. А ў Барысаве – Капскі. Менеджар, блін. І як такога любіць? Хаця што тут казаць пра футбол. Дэфіцыт разумных кіраўнікоў назіраецца ва ўсёй краіне. З чаго б у спорце іх было шмат?
Адна з любімых шпілек праціўнікаў Капскага – ён браў удзел ва Усебеларускім народным сходзе. Прычым быў там не проста дэлегатам, а нават сядзеў у прэзідыуме. Чамусьці не ўсе лічаць, што прыстойнаму чалавеку варта было ўдзельнічаць у такім форуме. Вось Капскаму і нагадваюць пра гэта з нагоды і без.
Сёння, здаецца, нават сам кіраўнік БАТЭ не ведае толкам, што там рабіў. Бо сваім чалавекам ва ўладзе ён не зрабіўся. У хакей не гуляе, нікому публічна не прысвячае перамог свайго клуба, не дзякуе за «шчаслівае жыццё». Больш за тое, нават падумвае адмовіцца ад дзяржаўнай дапамогі, каб увогуле ні ад каго не залежаць. Для беларускага спорту – нябачаная справа. Можа, на тым сходзе Капскі адпрацоўваў новы стадыён, які цяпер будуецца ў Барысаве? Ці гэта быў нейкі душэўны парыў? Цяжка сказаць.
Але цікавая рэч: адна з самых папулярных каманд Беларусі да гэтага часу не выкарыстоўваецца як сродак дзяржпрапаганды. Мяркуйце самі. Варта Вікторыі Азаранцы перамагчы на якім турніры – тут жа віншаванка ад прэзідэнта, пра якую трубяць усе тэлеканалы. Дзе яшчэ які медаль беларусы заваююць – тая ж гісторыя. Поспехі БАТЭ першая асоба краіны традыцыйна ігнорыць. Хаця прыхільнікаў барысаўскага клуба ў Беларусі будзе паболей, чым у Азаранкі і ў таго ж хакейнага «Юнацтва» разам узятых.
І ў некаторым сэнсе дарма ігнорыць. Добры футбол дапамагае людзям забыцца на праблемы. А гэта будзе актуальна ўвосень, калі «несвядомыя» прагназуюць рост колькасці пратэстаў. Ужо цяпер можна адназначна сказаць: 28 верасня (няхай гэта і серада) і 1 лістапада ніякіх рэвалюцый не будзе. У гэтыя дні ў Менску гуляюць адпаведна «Барселона» і «Мілан», так што будзе не да гэтага.
Ну і за сем мільёнаў еўра, ужо заробленых у Лізе чэмпіёнаў, БАТЭ таксама варта падзякаваць. Гэта ж добрая такая падтрымка нашаму знешнегандлёваму сальда. Валюты ў бюджэт паступае ўсё больш і больш. Вы ж самі бачыце.
А ўвогуле гэта не новая думка: у Беларусі поспехаў дасягаюць тыя, на каго дзяржава не звяртае асаблівай увагі. Між тым, у нашай абсурднай краіне, дзе пераможнае развіццё эканомікі і ўзмацненне сацыяльнага вектара вядуць толькі да збяднення народу, БАТЭ дорыць надзею. Аказваецца, і ў нас можна штосьці рабіць з розумам, і з гэтага будзе плён. Клуб з Барысава – узор паслядоўнай працы. Там не было рэвалюцый, не было валюнтарысцкіх пражэктаў, не было гвалту. Правінцыйная каманда ператварылася ў сталага ўдзельніка еўракубкаў не адразу. І план гэтага ператварэння ўдалося ажыццявіць, нягледзячы і на беларускія рэаліі, і на крызісы.

КАМЕНТАРЫ
СПАЧАТКУ СТАРЫЯ↓
СПАЧАТКУ НОВЫЯ↑
+8 10 2
strange
26-08-2011, 14:35
Секрет Капского прост. Он хороший менеджер. Вообще-то в этом действительно нет ничего суперстранного. Но поскольку все хорошие менеджеры в сучаснай Беларуси либо максимально шифруются, либо сидят в тюрьме, либо давно живут за пределами страны - то пример Капского уникален. Он на виду, он делает дело, он добивается успеха. Разумеется, иногда приходится идти на сделку с совестью (уверен, что так было и в случае с этим чертовым Сходом). Если бы Капский руководил федерацией футбола, наща сборная уже бы как минимум разок поучаствовала в чемпионате мира или Европы. Но у нас там сплошные невыгласы-румасы и бездарь Штанге в качестве коача.
0 4 4
Wasilisa
26-08-2011, 15:41
Нейки атрымауся не Капски, а Чадски.
+7 9 2
Мыш
26-08-2011, 19:57
Як па мне, дык атрымалася вельмі добрая калонка.
+3 6 3
Цэзар
27-08-2011, 18:49
Так, калонка проста файная.
Дарэчы пра зборную можна было б шчэ напісаць, ды й пра Еўра 2012 таксама.
;)
Так трымаць!
0 3 3
alex_vazhnik
28-08-2011, 15:06
Капского можно любить или ненавидеть. Но его работа и эта команда дарит нам с вами футбольную осень в Минске четвертый год подряд
+1 4 3
aravak
28-08-2011, 20:47
Что-то мне кажется и футбольная весна у нас будет :) Ну и думаю если бы все кто учавстовал в "Сходзе"делали работу как Капский менять что-то в стране вряд ли бы кому-то захотелось