Кантрабандысты

Сяргей Жадан пра асаблівасці перавозу тытуню на польскай мяжы

І хоць усё ў гэтым свеце і ў гэтай краіне рухаецца і змяняецца, трансфармуецца і набывае новыя формы і праявы, ёсць рэчы, якія падкупляюць і зачароўваюць сваёй застыласцю, стабільнасцю і цвёрдасцю.

Скажам, кантрабанда тытуню на ўкраінска-польскай мяжы. Здаецца, даўно варта было б прызвычаіцца да гэтых дробных прыватных перавозчыкаў радасці, якія курсуюць у памежных раёнах, напаўняючы шэнгенскую зону сумнеўнай якасці таварам, а вось не – тэма здаецца проста невычэрпнай, як невычэрпнай ёсць фантазія айчынных кантрабандыстаў, якія ваююць з цэлым светам за свае адсоткі з продажу.

Колькі разоў прыходзілася сутыкацца з гэтымі адчайнымі парушальнікамі мытнага рэжыму. Колькі разоў даводзілася назіраць, як пільныя польскія памежнікі разбіраюць вагон, у якім ты едзеш, нібы канструктар лега, выграбаючы з яго тытунёвыя горы. Колькі разоў здаралася перажываць шмон у рэйсавых аўтобусах і прыватных аўтамабілях! Колькі словаў абурэння і выказвання сораму за сваю радзіму даводзілася чуць з вуснаў суайчыннікаў, на галовы якіх сыпаліся зверху блокі цыгарэт!

У цэлым падарожнікі, якія перасякаюць мяжу з Польшчай, дзеляцца на дзве катэгорыі: адны правозяць кантрабанду, іншых гэта абурае. І рассудзіць іх можа толькі справядлівы польскі мытнік, які абавязкова выдаліць лішняе, аднак гэтак жа абавязкова пакіне неабходнае для працягу гэтага дзіўнага бізнесу.

Насамрэч, складана асуджаць суграмадзян за жаданне выжыць у краіне, дзе пра іх клапоцяцца хіба што польскія мытнікі, пакідаючы «незаўважанай» частку кантрабанды. Складана кагосьці асуджаць за спробы перагуляць гэтую дзяржаву, якая са свайго боку спрабуе перагуляць нас, карыстаючыся ўсімі магчымымі і немагчымымі сродкамі. Не тое, каб я спяваў тут оды кантрабандыстам, аднак, шчыра кажучы, яны выклікаюць куды больш сімпатый за тых жа ўкраінскіх памежнікаў, бо кантрабандысты хаця б спрабуюць хаваць свае злачынныя намеры. Тым больш, увесь гэты памежны крэатыў сапраўды здольны выклікаць калі не падтрымку, то хаця б цікавасць. А хто са мной не згодны – хай далей выказвае абурэнне ды перажывае замяшанне і пачуццё сораму.

Так ці інакш – мы трапілі ў гэтую транзітную зону і павінны спраўляцца з усімі гэтымі межамі і пераездамі, абмежаваннямі і кантролем, з неабходнасцю даказваць сваё права на ўезд і абавязак на выезд. Мы асуджаныя заставацца ў гэтым дзіўным прыцемненым адстойніку, у якім можна хаваць любую колькасць кантрабанднага тавару, вывозячы яго час ад часу на суседнія тэрыторыі. Нам нікуды не падзецца з гэтай краіны, з шырокімі чыгуначнымі шляхамі ды абмежаванымі магчымасцямі для самарэалізацыі. І хто мы такія, каб асуджаць кагосьці за спробы фінансава нагрэць халодную і неадрэгуляваную дзяржаўную машыну?

Тым больш, усё гэта кожны раз суправаджаецца дзіўнымі сустрэчамі і дыялогамі. Вось, скажам, гэтым разам да нас у купэ, ужо перад самай мяжой, забегла бойкая жанчына і моўчкі сунула ў рукі сябрам-музыкам бутэльку алкаголю, пасля чаго пачала спрытна рассоўваць свае блокі па кутках. Нават папрасіла дапамагчы ёй. А ўжо на самай мяжы знікла ў вагонных прыцемках, губляючы па дарозе псіхадэлічнага выгляду і напаўнення пачкі цыгарэт «Менск», чый дызайн адкрыта нагадваў дызайн «Мальбара», а назва нагадвала хіба што пра апошнія заявы беларускага прэзідэнта на адрас украінскай улады.

І колькі ні корпаліся палякі ў вагонным начынні, колькі ні нацкоўвалі свайго сабаку на нашыя рэчы, колькі ні заглядалі ў цёмныя шчыліны і патаемныя схованкі, так нічога і не знайшлі. Прынамсі, у нашым вагоне, дзе праваднікі загадзя пасыпалі ўсе хлёркай, псуючы вучонаму сабаку нюх, апетыт і карму. А калі мяжа была без болю пройдзеная, і прыйшоў час збіраць камяні, жанчына вярнулася і спрытна павыцягвала ўсе схаваныя скарбы. І праваднікі таксама павыцягвалі ўсе свае скарбы. І кожны застаўся пры сваіх фінансавых інтарэсах і геапалітычных перакананнях, нават не спрабуючы штосьці камусьці растлумачыць ці кагосьці ў чымсьці пераканаць.

Ужо ў прадмесцях Познані з дзвярэй вагона паляцелі вялікія чорныя пакеты з цыгарэтамі, цяжка скочваючыся па чыгуначным насыпе ў густую зеляніну, дзе іх ужо чакалі пасярэднікі. А калі цягнік падцягнуўся на чыгуначны вакзал, задаволеная правадніца бесклапотна сказала наступнае:

– О, Познань. Такая гадость эта Познань. Зимой здесь ломаются локомотивы, летом – дождь.

І ў гэты час сапраўды пайшоў дождж.

Арыгінал калонкі змешчаны тут

Share

КАМЕНТАРЫ
СПАЧАТКУ СТАРЫЯ СПАЧАТКУ НОВЫЯ

З-пад Баброўнікаў

24-08-2011, 12:47

Zdrowa? Maryjo,
?aski? pe?na, Pan z
Tob?,
b?ogos?awiona? Ty mi?dzy…

- губы дяди Вани шевелились в такт молитве, доносившейся из радио старенького фольксфагена-пасата. Монотонная медитация растворялась и совсем исчезала среди гула автомобильных двигателей, криков усталых водителей. Дядя Ваня потянулся к ручке выключателя: слова молитвы почти совсем исчезли в грохоте проезжавших мимо нас TIR-ов. Он завел двигатель , и, о чудо, наш видавший виды, автобмобиль завелся и подкатился к окошку проверки документов. Только уста двигались на каменном застывшем
лице и взгляд, устремленный туда, в глубь терминала пограничного перехода «Берестовица», где на серой плитке около покрытой сайдингом будки маячили фигуры белорусских таможенников...

Адказаць

КАМЕНТАВАЦЬ