КАЛОНКІ
Салодкія пірагі 2012-02-22
Уся рэч у цыцках 2011-12-23
Новае паганства 2011-09-29
Іншыя калонкі аўтараБеларусь не збрэндзіла
Аўгіня Манцэвіч пра ежу як брэнды
Падарожнічаючы па Лацінскай Амерыцы, я імкнулася пакаштаваць розных нацыянальных, уласцівых толькі пэўнай краіне, страваў і напояў. Якім жа было маё здзіўленне, калі, пакаштаваўшы мясцовай «Калумбіяны» (з пазнакай «нашая» на бутэльцы), я адчула знаёмы смак «Бураціны». Яшчэ большым здзіўленнем сталася тое, што перуанская «Інка-кола» і бразільская «Гаўрана» мелі той самы смак.
Аргентынцы, частуючы мяне варанай згушчонкай (яна там называецца «дульсэ дэ лечэ», што значыць «малочная слодыч»), хваліліся сваёй «тыповай» слодыччу, якую вынайшлі менавіта яны, і якой няма больш нідзе ў свеце. Ну, толькі там, куды яе экспартуюць, вядома. Эх, шкадавала я, што не прыхапіла з сабою бляшаначку нашай рагачоўскай. Але аргентынцы сапраўды здзівіліся, дазнаўшыся, што я таксама ведаю сакрэтны рэцэпт малочнай слодычы.
А нядаўна, падчас паездкі аўтаспынам з Варшавы ў Кракаў, добразычлівыя полькі прапанавалі мне «Круўку». «Нашая нацыянальная цукерка», – з гордасцю патлумачылі яны мне.
Пазней чыста дзеля цікаўнасці я залезла ў «Вікіпедыю». Бо добра памятаю, як мая бабуля заўсёды прасіла прывозіць ёй у вёску «Кароўкі». Гэты былі ейныя любімыя беларускія цукеркі. Дык вось «Вікіпедыя» мне расказала, што цукеркі «Кароўка» сапраўды вынайшаў паляк Фелікс Паморскі, які трымаў кандытарскую фабрыку яшчэ ў 1921–1929 гадах. Але я на гэтым не спынілася і працягнула пошукі. На сайце беларускай фабрыкі «Чырвоны мазыранін» пішуць, што рэцэпт знакамітай «Кароўкі» быў прыдуманы ў Нароўлі ў 1948 годзе. Паводле дырэктаркі «Чырвонага мазыраніна» Аляксандры Гаранінай, у беларускі райцэнтр ехалі з усяго СССР, каб пераняць сакрэтны рэцэпт.
![]()
Я чамусьці больш ганаруся беларускімі дранікамі, чым майткамі ад «Мілавіцы». І ў падарожжах для мясцовых гатую беларускі боршч, а не расказваю, якія крутыя ў нас трактары. Дый які БелАЗ параўнаецца з нашай бабкай з салам?!
![]()
Тое ж і са згушчонкай. За права краіны – вынаходніцы згушчонага малака спрачаюцца прынамсі некалькі дзяржаваў Лацінскай Амерыкі: Аргентына, Уругвай, Чылі, Калумбія… Пры гэтым гісторыі вынаходства пераплёўваюць адна адну па красамоўнасці. Паводле аргентынскай легенды, у 1829 годзе ў адной з правінцыяў Буэнас-Айрэса два генералы святкавалі перамір’е. Прыслужніца забыла на вуглях шклянку з салодкім малаком. Шклянка ўзарвалася. Адзін з генералаў пакаштаваў змесціва. І яно яму так спадабалася, што ледзь не тут жа новаспечаныя саюзнікі пачалі будаваць завод для вытворчасці згушчонкі.
Нават славуты выхадзец з Аргентыны Чэ Гевара казаў: «Згушчонка, абутак і зброя – самае галоўнае для рэвалюцыянера». Вядома, аргентынцы ганарацца яшчэ адным пацверджаннем крутасці іх згушчонкі. Аднак у нас тут кажуць, што выбітны рэвалюцыянер упадабаў усё ж нашую, савецкую згушчонку.
Думаю, гэта справа гонару для кожнага народу мець нейкае сваё вынаходства, штосьці адметнае, па чым можна было б пазнаваць краіну. І харчовыя брэнды, напэўна, самыя праўдзівыя. Я чамусьці больш ганаруся беларускімі дранікамі, чым майткамі ад «Мілавіцы». І ў падарожжах для мясцовых гатую беларускі боршч (добрыя гаспадыні ведаюць, што ён адрозніваецца ад украінскага або, тым больш, польскага), а не расказваю, якія крутыя ў нас трактары. Дый які БелАЗ параўнаецца з нашай бабкай з салам?!
А вось грузіны прасеклі фішку і нядаўна запатэнтавалі хачапуры, сыр сулугуні, гарэлку чачу, слодыч чурчхелу. Усяго – каля 30 найменняў! Хаця з эксклюзіўнасцю гэтых страваў у Грузіі шмат хто можа паспрачацца.
А ў беларускім Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці толькі 14 брэндаў зарэгістраваныя. І сярод іх – ні калдуноў, ні халадцу, ні мачанкі. Мы нават за сваю «Кароўку» пастаяць не змаглі. Яе ўжо запатэнтавалі ў Расіі. Адзіны запатэнтаваны беларускі прадукт – крамбамбуля. Вельмі смачны напой. Нават Васіль Уткін пацвердзіў.
І пакуль мы тут прахалоджваемся, нашыя суседзі ва ўсю патэнтуюць шакаладкі «Алёнка» і кіндзюкі (палескае вэнджанае мяса). Так хутка і з дранікаў мы пяройдзем на дзеруны.

КАМЕНТАРЫ
СПАЧАТКУ СТАРЫЯ↓
СПАЧАТКУ НОВЫЯ↑
+12 15 3
dvarf
02-11-2011, 16:38
Нешта заціхлі ўсе. Відаць пабеглі патэнтаваць дранікі :)
+10 12 2
Марат
02-11-2011, 22:27
Сёння навярнуў гору дранікаў і запрасіў сяброў, якіх даўно ня бачыў) Аўгіня, дзякую за душэўны артыкул!)
+7 9 2
A.Sh
04-11-2011, 23:02
супер! поўнасцю падрымлiваю.
+3 5 2
варенька
08-11-2011, 16:53
я дрэнная гаспадыня, мне сапраўды цікава ведаць, чым беларускі боршч адрозніваецца ад украінскага ці польскага. я сур`езна.
+7 9 2
litota
08-11-2011, 17:14
мае кулінарныя веды падказваюць, што беларускі борш у адрозненні ад украінскага гатуецца без капусты і буракі для яго варацца асобна, а дадаюцца ў суп нарэзанымі ў самым канцы. польскі боршч увогуле падаецца ў кубку як кампот - з яго пасля прыгатавання вымаюць усе інгрыдыенты.
+2 6 4
варенька
08-11-2011, 22:28
буду ведаць. дзякуй!:)))